Давайте найдём

Новостная рассылка

23 лістапада ў 17:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, потым у 19:00 у Галерэі-кафе “Артэль” у рамках культурнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай, у працяг цыкла мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю аднаўлення Літоўскай дзяржавы, адкрыецца выстава “Віленскі фестываль аналагавай фатаграфіі і кіно”.

Ключавым мерапрыемствам Віленскага фестывалю з’яўляецца фотавыстава, у якой прынялі ўдзел 30 аўтараў з розных краін свету. Экспазіцыя была спецыяльна падзеленая паміж двума пляцоўкамі, каб паказаць усю разнастайнасць прац. Удзельнікаў аб’ядналі творчыя тэхналогіі фатаграфіі і святлоадчувальных матэрыялаў, а таксама ўвага да фотаадбітку, як да канчатковага выніку працы фатографа. У Мінску гледачам будзе прадстаўлены вялікі спектр жанраў і тэхнік фатаграфіі – ад скульптуры і аб’ектаў да папулярных у 1970-80-х гадах эксперыментаў з фатаграфікай; ад рэпартажа да found-photography і фатаграм.

Віленскі фестываль аналагавай фатаграфіі і кіно з'явіўся з жадання куратараў вярнуць фатаграфіі належныя ёй прасторы і межы. Сёння ў масавай культуры яна трактуецца выключна як плоская 2d-выява, асноўная задача якой – прыправіць манатоннае гартанне стужкі Фэйсбуку. Хоць сацыяльныя сеткі даюць творцам вельмі хуткую рэакцыю з боку публікі, аднак гэтую сувязь аўтар-глядач цяжка назваць якаснай і глыбокай. Яна зусім не прыдатная для фатографаў і гледачоў, якія хочуць непасрэднага кантакту.

Фестываль – яго ідэя і рэалізацыя – адбыўся спантанна. Фатаграфія і кіно, як медыя, ад самага свайго пачатку імкнуліся апанаваць спантаннасць, якая не ўласцівая для іншых тэхнік выяўленчага мастацтва: самы імклівы эскіз вымагае больш часу за самы няспешны здымак. Складаецца ілжывае ўражанне лёгкасці, атрыманай, дзякуючы развіццю тэхналогій, – і гэтага найбольш саромеюцца як самі фатографы, так і куратары. Яны спрабуюць дадаць сваім працам большую вагу, ствараючы вялікія, расцягнутыя ў часе і непазбежна дарагія, праекты, якія практычна немагчыма рэалізаваць без знешняй фінансавай і тэхнічнай дапамогі. Звычайна падтрымку атрымліваюць тыя праекты, якія нясуць сацыяльную або рэпутацыйную карысць. Зусім не факт, што фатаграфія абавязаная прыносіць такі плён, бо пільнае назіранне і фіксацыя асяроддзя не так часта спалучаюцца з талентамі эсэіста, філосафа або сацыяльнага крытыка.

На думку куратара, традыцыйныя фатаграфічныя тэхналогіі, якія часта цягнуць да бясконцасці шлях паміж зафіксаваным імгненнем і канчатковым вынікам (звычайна гэта адбітак), даюць фатографу магчымасць дыхаць і ствараць у сваім тэмпе без штучных абмежаванняў. Адна з мэтаў фестывалю -- паказаць, што менавіта традыцыйныя фатаграфічныя тэхналогіі з'яўляюцца адным з тых варыянтаў, які дапаможа аўтару вызваліцца ад дыктату і самастойна абраць тэмп друкавання, актуальныя і адпаведныя яго тэмпераменту або мастацкай стратэгіі тэмы.

Часта, калі гавораць пра вяртанне аналагавай і крафт фатаграфіі ў мэйнстрым, спрабуюць гэтую з'яву інтэрпрэтаваць як рамантычны зварот да мінуўшчыны, але ў дачыненні да ўдзельнікаў выставы, гэта малаверагодна. Яны самі тлумачаць свой выбар як рух наперад і ігнараванне штучных абмежаванняў. Большасць з удзельнікаў мае даволі прыблізнае ўяўленне пра прафесійныя стандарты, якія панавалі ў мінулым, калі лабараторныя работы былі абавязковымі для кожнага фатографа. А тыя, хто ведае пра іх, прытрымліваецца толькі тых, якія лічыць адэкватнымі сваім мэтам.

У апошні час мы з задавальненнем назіраем, як актыўна растуць культурныя сувязі паміж нашымі краінамі – Віленскі фестываль з’яўляецца прамым доказам гэтага супрацоўніцтва. Варта адзначыць, што колькасць аўтараў з Беларусі здзівіла не толькі арганізатараў, але і саміх удзельнікаў. У сувязі з гэтым мы спадзяемся, што фестываль стане добрай традыцыяй і для Мінска, і для Вільнюса.

Упершыню выстава будзе праходзіць адначасова на двух пляцоўках: у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў і Галерэі-кафэ “Артэль”. У рамках мерапрыемства запланаваныя майстар-класы па працы з аналагавымі матэрыяламі як для прафесійных фатографаў, так і для аматараў.

Месца правядзенне майстар-класаў – пляцоўка Галерэі-кафе “Артель”.

Выстава будзе даступная наведвальнікам з 23 лістапада па 8 снежня 2018 года.

Месца правядзення:

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3)

Галерэя Кафе "Артэль" (пр-т Незалежнасцi 58/1-6 (тэл. +375172760999, +375293516525), галерэя працуе з 10:00 да 19:00 штодзённа. Квiткi: 2 BYN)                                    

 Куратар: Андрэй Антонаў (Літва)

Арганізатар у Беларусі: Віктар Сянькоў

Генеральныя партнёры:

Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь,

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь

Галерэя Кафе "Артэль"

Беларускае Грамадскае Аб’яднанне Фатографаў

Наши контакты

+375 29 124 69 80 (Velcom)

+375 25 706 12 62 (Life)

Новомир Кудинов

Skype: Novomir

info@artexpo.by

Новостная рассылка

© 2014-2018 ArtExpo.by. Все права защищены.