З 4 верасня 2020 года ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва пачынае працу выстава жывапісу, графікі і скульптуры «Асветнікі зямлі беларускай». На выставе прадстаўлены творы з фондаў Музея гісторыі горада Мінска, Мемарыяльнага музея-майстэрні З.І. Азгура, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, а таксама з фондаў Беларускага саюза мастакоў. Выстава прымеркавана да нацыянальнага свята – Дня беларускага пісьменства.

Беларусам ёсць чым ганарыцца. У кнігах – друкаваных крыніцах шматвяковай памяці, адбіваюцца гісторыя народа, яго слаўныя справы. Кніга заўсёды была для беларусаў жыватворнай крыніцай, надзейным падмуркам нацыянальнага развіцця. Асветнікі зямлі беларускай выхоўвалі ў людзях лепшыя якасці, уплывалі на фарміраванне іх светапогляду.

Даніну глыбокай павагі асветнікам беларускага народа заўсёды аддавалі і айчынныя мастакі.

На выставе «Асветнікі зямлі беларускай» экспануецца больш за 40 твораў мастацтва: жывапісныя партрэты, графічныя лісты, скульптурныя творы такіх выдатных мастакоў, як Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў, Заір Азгур, Іван Міско, Гаўрыіл Вашчанка, Арлен Кашкурэвіч, Сямён Герус.

З палотнаў глядзяць на сучаснікаў вялікія кніжнікі старажытнасці – Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, а таксама выдатныя гуманісты, дзеячы эпохі Адраджэння – Мікола Гусоўскі, Сымон Будны, Францыск Скарына.
На выставе шырока прадстаўлены беларускія асветнікі XIX – пачатку ХХ стагоддзя, якія стаялі ля вытокаў фарміравання беларускай літаратурнай мовы, стварэння і развіцця нацыянальнай літаратурнай класікі: Адам Міцкевіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Янка Купала, Якуб Колас, Алаіза Пашкевіч, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі, Кандрат Крапіва, Цішка Гартны.

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны і аднаўленне краіны нарадзілі новыя яркія імёны ў гераічнай прозе, паэзіі, мастацкай публіцыстыцы: Пімен Панчанка, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Іван Мележ. Партрэты гэтых выбітных пісьменнікаў таксама можна ўбачыць на выставе.

Выстава працягнецца па 22 лістапада 2020 года.

Гарадская мастацкая галерэя твораў Л.Д. Шчамялёва

г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10
серада – нядзеля, 11.00 - 19.00
(017) 342 24 26; (017) 337 24 30
minskmuseum.by

Уваходны квіток у галерэю:
3,00 руб. – для дарослых
2,50 руб. – для студэнтаў
2,00 руб. – для школьнікаў

афиша_copy.jpg