У Мінску з 2 па 16 сакавіка 2020 года ў залах Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» Грамадскае аб’яднанне «Гільдыя керамістаў» трэці раз ладзіць Выставу мастацкай керамікі.
Праект «Між рукамі і полымем» створаны з мэтай папулярызацыі мастацтва керамікі і садзейнічанню развіццю беларускіх майстроў, якія працуюць у гэтай вобласці дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У гэтым годзе мы прэзентуем працы 20 аўтаоаў.
Асаблівасцю Праекта з’яўляецца тое, што ў экспазіцыйнай прасторы можна пабачыць і атрымаць асалоду ад твораў керамістаў рознага ўзроўню – ад пачаткоўцаў і таленавітых майстроў да знакамітых мэтраў.
Тэматыка Выставы гэтага года – «КераМІФічнае» – адкрывае прастору фантазіі як для Майстра, так і для Гледача.
Міфалагічны сюжэт як палатно ганчарнага кола, што кружляе ў адной плоскасці, выбудоўвае мудрагелістую канструкцыю былі-небылі.
Дасведчаны Аўтар ці малады – неістотна. Бо памяць у нас адна і захоўваецца яна ў кожнай клетачцы чалавека і ў кожнай малекуле гліны. Адзінства і барацьба рук і полымя, што твораць – аснова светабудовы. Стварэнне сусвету ў міфах усіх народаў Зямлі адбываецца праз канфлікт супрацьлеглых інтарэсаў і, у той жа час, у імкненні да зліцця антаганістычных энэргій у баланс і гармонію.
Спыніся, шаноўны Глядач, каб заглыбіцца ў цуды Мінулага альбо ў захапляльнае падарожжа ў Будучыню. Ты ўсё гэта памятаеш – прыгожую ці жахлівую рэальнасць быцця, што распавядаюць нам майстры ў іх асабістых Міфах.
Прысядзь на хвілінку, прымруж вочы і ва ўнісон музыцы ствары сваю казку, свой міф з Вечнасці, бо самае галоўнае – гэта тое, у што верыш Ты, шаноўны Глядач…
Куратары выставы:
Мастацтвазнаўца Соф’я Сівер-Духоўнікава (+375 29 850-08-67);
Старшыня ГА «Гільдыя керамістаў» Святлана Цап (+375 29 674-93-12)
Выстава будзе адчынена з 2 па 16 сакавіка 2020 г.
Аўторак – субота: 11.00 – 19.00
Адрас Галерэі: Кастрычніцкая плошча, 1 (Палац Рэспублікі).
Тэлефон / факс: +375 17 327-26-12