Сябры, запрашаем 22 снежня а 15-й гадзіне на аўтарскую экскурсію мастачкі Хрысціны Высоцкай ў межах выставы “Лекі ад меланхоліі”. Аўтар паведаміць пра гісторыі стварэння сваіх творчых прац, пра асаблівасці прафесіі сучаснага мастака па тэкстылі, пра пошукі натхнення і творчай энергіі ў штодзёным жыцці “тэкстыльшчыка”.
Выстава прысвечана Дню нараджэння Максіма Багдановіча і з гэтай цудоўнай нагоды гледачы атрымаюць магчымасць адчуць тонкія сувязі паміж паэзіяй пачатку XX стагодзя і выяўленчым мастацтвам пачатку XXI стагоддзя.
“Лекі ад меланхоліі” – гэта разважанне Хрысціны Высоцкай пра прыгажосць мімалётных момантаў жыцця і невыпадковасць нават самых маленькіх здарэнняў. Як Максім Багдановіч у сваіх санетах захапляецца хараством абшараў палёў, цішынёй начнога неба над вёскай, шумнымі вуліцамі вялікага горада, так і мастачка шукае прыгажосць у лініях і фактурах дрэў, у беларускіх туманах і італьянскай спякоце.
Хрысціна Высоцкая працуе ў кірунку мастацтва і дызайну тэкстылю, з’яўляецца ўдзельнікам і пераможцам рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх выстаў, выкладае на кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, сябра Беларускага саюза мастакоў. У сваёй творчасці Хрысціна раскрывае вобразы штодзённага жыцця ў творах тэкстыльнай скульптуры і арт-аб’екта, габелена, мастацкага роспісу і лічбавага друку на тканіне, а таксама ў эскізах з пленэраў. Як і вершы Максіма Багдановіча, работы мастачкі вылучаюцца эмацыйнай трапнасцю і выкшталцонай выразнасцю.
Кошт уваходнага квітка: 1 руб., ільготны – 50 кап.
22 снежня а 15-й гадзіне, Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. М. Багдановіча, 7А).