Выстава з’яўляецца своеасаблівым бэкстэйджам рэканструкцыі: яна дазваляе дэталёва разгледзець даспехі, а таксама пазнаёміцца з беларускім кавальствам. Адначасова праект не столькі пра зброю і рыцарскія даспехі, колькі пра любоў да гісторыі і яе ўвасабленне.
Усе даспехі, якія прадстаўлены на выставе, выраблены па гістарычных узорах і здольны ажыццяўляць сваю галоўную функцыю – абараняць уладальніка. Важныя штрыхі экспазіцыі – дакладна рэканструяваныя макеты ўзбраення, якія дапамогуць прасачыць за развіццём еўрапейскай ваеннай справы ў перыяд з XIV і да канца XVII стагоддзя. Наведвальнікі змогуць убачыць эвалюцыю рыштунку ад простых пласцінчатых да высокатэхналагічных суцэльнаметалічных даспехаў. На выставе прадстаўлены наступныя элементы ўзбраення рыцара і яго рыштунку: мячы, баявыя сякеры, кінжалы, шчыты, а таксама характэрныя для тэрыторыі Беларусі корды, шлемы бацынеты, кальчугі, кірасы і інш.
Выставачны праект дэманструе таксама працэс вырабу ўсіх прадметаў. Каб дакладна рэканструяваць любую эпоху, трэба спачатку асвоіць актуальную для гэтай эпохі тэхналогію. Кавадла, мяхі, кавальскі горан, абцугі, долата, молаты ў межах выставы аб’яднаны ў стылізаванай «кавальскай майстэрні». Дадзеныя інструменты выраблены па аўтэнтычных крыніцах розных эпох, узнаўляючы эвалюцыю кавальскага рамяства на беларускіх землях, а менавіта ад самых простых спосабаў арганізацыі беларускай кавальскай справы да з’яўлення на тэрыторыі краіны цэхавых аб’яднанняў.
Частка даспехаў-экспанатаў была выраблена менавіта пры дапамозе адзначаных вышэй інструментаў.
Экспанаты, прадстаўленыя на выставе, створаны рэканструктарам Юрыем Усціновічам і кавалём Дзмітрыем Андрэевым.
Выстава працуе да 15 чэрвеня 2022 года.
пл. Свабоды, 2А
серада – нядзеля, 11.00 – 19.00
+375 17 270 43 66
Уваходныя білеты:
6,00 руб. — для дарослых
4,00 руб. — для студэнтаў,
пенсіянераў
2,50 руб. — для школьнікаў